📝Праваабаронца Леанід Судаленка: з нагоды крымінальнага пераследу прыйшлось заявіць СК шэраг хадайніцтваў
Тлумачыць Леанід Судаленка
🔻Новая крыміналка ілюструе выкарыстанне беларускім рэжымам няпэўных прававых нормаў, бо абвінавачанні ў "іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" выглядаюць няпэўна, і без дакладных прававых падстаў іх можна трактаваць як інструмент ціску на праваабаронцаў.
🤝🤝🤝🤝🤝🤝🤝
Што азначае няпэўнасць нормаў?
🤝🤝🤝🤝🤝🤝🤝
Беларускі Крымінальны кодэкс часта выкарыстоўвае размытыя фармулёўкі, такія як:
🔸"Экстрэмісцкая дзейнасць" – пад гэта могуць трапіць не толькі гвалтоўныя дзеянні, але і простая дапамога людзям, прызнаным уладамі "экстрэмістамі". Яскравы прыклад таму – першая крымінальная справа, калі мяне пазбавілі волі на тры гады і запісалі ў экстрэмісты, у тым ліку і за дровы, якія я напярэдадні зімы дапамог набыць шматдзетнай вясковай сям’і.
🔸"Іншае садзейнічанне" – незразумела, што менавіта лічыцца садзейнічаннем. Гэта дазваляе сілавікам прыпісваць абвінавачаным любыя дзеянні, якія ім здаюцца небяспечнымі для рэжыму. Зноў жа, яскравы прыклад. Другі раз мяне завочна пазбавілі волі на 5 гадоў за "іншае садзейнічанне", пра якое ведаюць толькі суддзя ды пракурор.
🤝🤝🤝🤝🤝🤝🤝
Чаму патрэбны тлумачэнні СК?
🤝🤝🤝🤝🤝🤝🤝
Заяўленыя следству хадайніцтвы лічу лагічнымі, бо я маю права:
🔸Даведацца, у чым канкрэтна мяне на гэты раз абвінавачваюць.
🔸Дамагчыся афіцыйнага прызнання таго, што мая адсутнасць у Беларусі не з’яўляецца ўхіленнем ад следства. З гэтай нагоды прапанаваў следству даць паказанні па справе з дапамогай відэаканферэнцсувязі.
🔸Даведацца, ці быў запыт следства аб прыцягненні мяне да адказнасці ў Літве, дзе зараз пражываю. Таксама мяне цікавіць магчымы запыт да літоўскай дзяржавы аб маёй экстрадыцыі ў Беларусь.
🔸Прымаць удзел у следчых дзеяннях і будучым судзе дыстанцыйна, не рызыкуючы быць арыштаваным.
🤝🤝🤝🤝🤝🤝🤝
Чаму крымінальная справа цалкам палітычная?
🤝🤝🤝🤝🤝🤝🤝
Беларускія ўлады сістэматычна выкарыстоўваюць крымінальныя справы для пераследу праваабаронцаў. Той факт, што мяне ўжо трэці раз абвінавачваюць у экстрэмісцкіх злачынствах, сведчыць пра мэтанакіраваны ціск. У Беларусі праваабарончая дзейнасць прыраўнена да "экстрэмізму", асабліва калі яна звязаная з падтрымкай палітвязняў.
🤝🤝🤝🤝🤝🤝🤝
Як гэта звязана з Літвой?
🤝🤝🤝🤝🤝🤝🤝
Літва надала многім беларускім актывістам прытулак. Я ж спрабую высветліць, ці патрабуюць беларускія ўлады маёй экстрадыцыі, ці прыцягнення да адказнасці на тэрыторыі Літвы. Упэўнены, Літва наўрад ці задаволіць такія запыты, бо беларускія крымінальныя справы супраць апазіцыі тут лічацца палітычна матываванымі. Тым больш тое, за што мяне пераследуюць на Радзіме, у дэмакратычнай краіне з“яўляецца правам на свабоду выказвання меркавання.
У цэлым, мая справа — чарговы прыклад таго, як аўтарытарны рэжым выкарыстоўвае крымінальнае права для працягу рэпрэсій, а няпэўнасць яго фармулёвак дазваляе прыцягваць да адказнасці каго заўгодна.
Праваабаронца Леанід Судаленка