А якія задачы стаяць перад купкай маргіналаў прафесійных антылітвіністаў, што прапануюць беларусам забараніць Пагоню выкарыстоўваць?
Дапусцім, што яны прымаюць рашэнні, а не большасць літоўскага насельніцтва, чаго гэтыя шкоднікі змогуць дамагчыся такімі забаронамі? Развярнуць вялікую колькасць прыхільных да Літвы беларусаў супраць гэтай дзяржавы? Давесці да таго, каб дзясяткі тысяч з'ехалі з краіны і вывезлі бізнес? Або можа ініцыятары сапраўды вераць, што іх прапанова беларусам выкарыстоўваць альтэрнатыўныя сімвалы, замест Пагоні, спрацуе? Ну добра, з кімсьці можа і спрацуе, але ж зараз менавіта гэты сімвал - Пагоня, яднае людзей. І драбненне, а значыць аслабленне беларускага руху на іншыя розныя ідэалагічныя арыентыры прывядзе да таго, што замест Вялікага Княства Літоўскага ў галовах беларускага грамадства пераможа расейская імперыя.
Гэтыя змагары з «крадзяжом гісторыі» рэальна хочуць потым мець каля мяжы 9 000 000 прарасейскіх беларосаў? Беларосаў з рэальнай, а не прыдуманай ідэяй вярнуць не толькі Вільню, але ўсю Літву з дапамогай расейскага ВПК?
Я абсалютна перакананы, што ў нашых агульных інтарэсах прасоўваць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага як нашу супольную спадчыну, каб рабіць з беларусаў хаўруснікаў сучаснай Літвы, а не ворагаў.
Дзякуй Богу істэрычныя ідэі правакатараў не карыстаюцца высокай папулярнасцю сярод літоўскага насельніцтва, ніхто з разважных людзей не звяртае ўвагі на іх вскудахі. Прыдумалі сабе літвінізм, робяць выгляд, што змагаюцца з яго ўяўнымі прыхільнікамі, хай змагаюцца, абы толькі не лезлі да прыстойных грамадзян.
Адзін пацыент бачыць нацыстаў сярод украінцаў, другі літвіністаў сярод беларусаў, але ж дыягназ у іх адзін.