Your trial period has ended!
For full access to functionality, please pay for a premium subscription
Message
Слова св. Яна Златавуста на Вялікдзень

Дзелімся перакладам на беларускую мову вядомым вялікодным чытаньнем. Для карыстаньня падчас набажэнстваў.

Хай усе пабожныя і багалюбцы цешацца ў дзень гэтай вялікай і сьветлай урачыстасьці;

хай усе разумныя слугі ўвойдуць у радасьць гаспадара свайго.

Хай усе, хто пасьціўся, атрымаюць сёньня ўзнагароду.

Калі хто працаваў ад першай гадзіны, хай прыме належную яму заплату.

Калі ж хто прыйшоў а трэцяй гадзіне, хай сьвяткуе з падзякай.

А калі хто далучыўся толькі пасьля шостай гадзіны, хай не сумняецца, бо ня будзе пазбаўлены нічога.

Калі хто спозьніцца да дзевятай гадзіны, хай падыходзіць, нічога не баіцца, ні ў чым не сумняецца.

А калі хто прыйдзе аб адзінаццатай гадзіне, хай не баіцца, што спазьніўся.

Уладар любіць рабіць прыемнасьць усім, Ён прымае апошняга, як і першага, задавальняе патрэбы таго, хто прыйшоў аб адзінаццатай гадзіне, як і таго, хто працаваў ад гадзіны першай: апошняга мілуе, першаму дагаджае; гэтаму дае і таго абдорвае;

Ён прымае працу і падтрымлівае намеры, шануе высілкі і добрыя жаданьні хваліць.

Дзеля гэтага прыйдзіце ўсе да радасьці Гаспадара нашага: першыя і апошнія, усе атрымаеце заплату.

Багатыя і бедныя, цешцеся разам.

Працавітыя і лянівыя, ушануйце гэты дзень.

Тыя, што пасьцілі, і тыя, што не пасьцілі, радуйцеся сёньня.

Стол багаты — усім хопіць з дастаткам.

Цялё кормнае вялікае, ніхто не адыдзе галодны, — усе напоўніцеся ў асалоду на застольлі веры; усе атрымаеце багацьце ласкі.

Ніхто хай не наракае на сваю беднасьць.

Ніхто хай не плача аб сваіх правінах, бо прабачэньне зазьзяла з магілы.

Ніхто хай не баіцца сьмерці, бо сьмерць Збавіцеля вызваліла нас.

Пакаштаваўшы сьмерці, Ён зьнішчыў сьмерць.

Зышоўшы ў пекла, Ён паланіў яго.

Ісая, што прадбачыў гэта, усклікае: Пекла, — кажа — сумелася, сустрэўшы Цябе ўнізе.

Сумелася, бо было адмененае; сумелася, бо было абсьмяянае;

сумелася, бо было зьнішчанае;

сумелася, бо было зьвержанае;

сумелася, бо было зьвязанае.

Схапіла мёртвае цела і сутыкнулася з Богам.

Прыняла зямлю і сустрэлася з небам;

прыняла бачнае, і ўпала ў тое, чаго ня бачыла.

Сьмерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога?

Уваскрос Хрыстос, — і ты было спустошанае;

Уваскрос Хрыстос, — і дэманы ўпалі;

Уваскрос Хрыстос, — і анёлы радуюцца;

Уваскрос Хрыстос, — і жыцьцё запанавала.

Уваскрос Хрыстос, — і ніводнага мёртвага не засталося ў магіле.

Хрыстос уваскрос з мёртвых, пачатак тых, што заснулі.

Яму слава і ўлада на вякі вякоў. Амін.

Трапар Святога Яна Златавуста, тон 8
Тваіх вуснаў ласка заззяла, як святло агню, заззяўшы, сусвет асвятліла, а не набыла скарб срэбралюбства. Яна вышыню любві да пакоры паказала. Тваімі ж словамі нас навучаючы, ойча Яне Златавусны, малі Слова Хрыста Бога, каб збавіў душы нашы.
04/19/2025, 18:21
t.me/christianvision/4381
Similar message chronology:
Newest first
Similar messages not found