Тыдзень у Беларусі – важнае
✅ Мінска-Магілёўская архідыяцэзія прайшла перарэгістрацыю. 18 красавіка 2025 года Ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак ва ўрачыстай абстаноўцы перадаў арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму дакументы аб дзяржаўнай рэгістрацыі архідыяцэзіі як мясцовага рэлігійнага аб'яднання. Нагадаем, рэлігійныя арганізацыі ў Беларусі абавязалі прывесці свае статуты ў адпаведнасць са зменамі ў заканадаўстве і прадставіць іх для перарэгістрацыі.
✅ Перад Вялікаднем у Гродне з удзелам біскупа Уладзіміра Гуляя адбыўся абед для маламаёмных. 15 красавіка 2025 года абед для людзей без пэўнага месца жыхарства і маламаёмных прыгатавалі манахіні Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта разам з валанцёрамі пры падтрымцы дыцэзіяльнага Caritas. Біскуп Гродзенскі благаславіў пасілак, павіншаваў прысутных з блізкім святам Вялікадня, уручыў кожнаму ўдзельніку сустрэчы велікоднае яйка – як сімвал адраджэння жыцця і знак перамогі Хрыста над смерцю.
✅ У Мінску праходзіць Ноч канфесіяналаў. У парафіі Божага Цела, дзе служаць айцы кармэліты босыя, з вечара Вялікай пятніцы 18 красавіка, з пачаткам чування пры Грабніцы Пана, арганізавана споведзь для ўсіх жадаючых. На працягу ўсяго чування – увечары, уначы і ўдзень Вялікай суботы – ёсць магчымасць прыступіць да сакрамэнту паяднання.
✅ Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі здзейсніў адкрыццё старажытнай крыпты ў Навагрудку. 12 красавіка 2025 года ксёндз Кшыштаф Сэрока ў касцёле святога Арханёла Міхала ўзначаліў цырымонію адкрыцця крыпты – капліцы адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Адкрыццю папярэднічала святая Імша, якую ўзначаліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. Перад літургіяй адбылося ўрачыстае ўнясенне і благаслаўленне абразоў святых Пятра і Паўла, якія напісаў і падарыў навагрудскаму касцёлу мастак Сяргей Грыневіч.
✅ Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў неабходнасць навесці парадак у душы перад Пасхай. 17 красавіка 2025 года ў мінскай парафіі святога Францішка арцыбіскуп эмэрыт цэлебраваў святую Імшу Вячэры Пана.
Ён падкрэсліў, што "як Цела Езуса пераламляецца дзеля нас, так і мы пакліканы пераламляцца дзеля іншых".
Паводле іерарха, Вялікі пост і асабліва літургія Пасхальнага трыдуума заклікаюць "навесці парадак у душы, каб быць вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню".