Шаноўныя бацькі!
Звяртаемся да тых, хто плаціць падаткі ў Літве. Магчыма, вы ўжо ведаеце пра праграму 1,2 % – гэта магчымасць ахвяраваць частку сваіх падаткаў на выбраную вамі справу. Гэта грошы, якія вы ў любым выпадку плаціце, і калі не адрасаваць іх нікому, – яны накіроўваюцца ў бюджэт Літвы.
Што ёсць абсалютна не дрэнна, але таксама можна выбраць перадаць гэтыя грошы туды, куды вам хочацца. Напрыклад, на адукацыю беларускіх дзяцей.
Вы можаце ахвяраваць гэтыя грошы на беларускую школку – самую вялікую праграму нефармальнай адукацыі ў Літве.
Кожныя выходныя маленькія беларусы ў школцы вывучаюць родную мову і гісторыю, малююць, спяваюць і стасуюцца з аднагодкамі. Мы робім школку з 2021 года і вельмі верым у патрэбу нашага праекта.
Для дзяцей гэта спосаб захаваць ідэнтычнасць у новай краіне, вывучыць штосьці новае, ну і – будзьма шчырымі – толкам пашалець з сябрамі.
Для бацькоў гэта магчымасць трошкі адпачыць, пакуль з дзецьмі займаюцца кваліфікаваныя педагогі. Для беларускай супольнасці гэта новае пакаленне, у якім свая ідэнтычнасць інтэгруецца з еўрапейскімі каштоўнасцямі.
Нягледзячы на гэта, атрымаць фінансаванне для школкі ўсё складаней: донары нам кажуць, што трэба школку рабіць платнай. Мы зрабілі нейкую колькасць платных гурткоў, але мы вельмі хацелі б, каб як мінімум гурткі беларускай мовы, гісторыі і культуры заставаліся бясплатнымі заўсёды.
Доступ да роднай мовы не мусіць быць за грошы.
У той жа час мы хочам падтрымліваць нашых педагогаў – гэта прафесійныя і адданыя беларускія настаўнікі, многім з якіх патрэбна фінансавая падтрымка ў эміграцыі.
Школка цягне за сабой і іншыя выдаткі: менеджмент і прыборку, арганізацыю святаў і пачастункі. Мы прыкладзем усе намаганні, каб знайсці фінансаванне на далейшую працу школкі, але, сочачы за тэндэнцыямі гэтага года, мусім рыхтавацца да таго, што цалкам гэта можа не атрымацца.
Пры гэтым 1,2 % вашых падаткаў – падтрымка, якая вам літаральна нічога не каштуе, – дапаможа нам пратрымацца і надалей прапаноўваць нефармальную адукацыю па-беларуску бясплатна.
Калі вы вырашылі размеркаваць 1,2% ад ужо заплочаных падаткаў на падтрымку нашай беларускай школкі, то вось нашыя рэквізіты:
I. Luckevičiaus baltarusių muziejus, VšĮ, код установы 110082694
Таксама мы падрыхтавалі відарысы, у якіх падрабязна паказваем, як гэта ўсё знайсці ў сваім падатковым кабінеце. Іх можна паглядзець па
спасылцы.Але калі ў вас засталіся любыя пытанні, смела пішыце нам.