Message
Вера Лукашэнкі: ад «праваслаўнага атэіста» да «духоўнага пастыра нацыі»

Аляксандр Лукашэнка на працягу сваёй палітычнай кар’еры дэманстраваў складанае і неадназначнае стаўленне да веры. У 1990-я ён сам назваў сябе «праваслаўным атэістам», і гэтая формула на доўгія гады адлюстроўвала яго адносіны да рэлігіі — паказная набожнасць без глыбокага духоўнага зместу. Аднак з часам яго стаўленне да рэлігіі пачало змяняцца - пра гэта выйшаў сюжэт на «Нашай Ніве».

Рэлігійная няграматнасць
У маладосці Лукашэнка займаўся атэістычнай прапагандай ў таварыстве «Веды» — арганізацыі, якая ўзнікла пасля роспуску Саюза ваяўнічых бязбожнікаў. Менавіта тады ён упершыню адкрыў для сябе Біблію.

Лукашэнка, як член Камуністычнай партыі, змагаўся з рэлігіяй у меру сваёй кампетэнцыі. Навязваць атэізм яму даводзілася нават святарам, якія супраціўляліся таму, што ўкладаў ім у вушы маладзён. Але з цягам часу Лукашэнка і сам прызнаўся, што адчуў слабасць сваёй пазіцыі і паступова страціў інтарэс да гэтай барацьбы.

Падчас сваёй першай прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнка таксама прызнаўся, што не ведае дакладна, ці ахрышчаны, і даведаўся пра гэта ўжо дарослым ад маці, якая сама была камуністкай.

Яго няведанне базавых рэлігійных рытуалаў выклікала мноства камічных і нязграбных сітуацый, напрыклад, адсутнасць звычкі хрысціцца або блытаніна ў віншаваннях на Вялікдзень. Паказальна выглядае відэа, якой з'явілася ў 2021 годзе на Вадохрышча, дзе Лукашэнка п'е святую ваду і чокаецца з кубкам свайго шпіца Умкі.

Сучаснае разуменне веры
Падзеі пяцігадовай даўніны разам са старэннем, якое імкліва адбіваецца на здароўі, моцна паўплывалі на перакананні былога атэіста Лукашэнкі. Як і многія людзі з савецкай ментальнасцю, бліжэй да смерці ён стаў задумвацца пра тое, што будзе пасля яе. Цяпер Лукашэнка ўсё часцей згадвае Бога і ўсё часцей з'яўляецца ў цэрквах. Аднак, нярэдка ён выкарыстоўвае храмы як палітычную трыбуну.

Усё больш актыўна Лукашенка ўдзельнічае ў паказных рэлігійных рытуалах: купанне на Вадохрышча, малітвы ў «свайго» святара, стварэнне рэлігійнага антуража пакоя з выкарыстаннем іконаў і сімвалаў усіх канфесій.

Здаецца, што ён стварыў уласную форму веры, дзе спалучаюцца палітычная выгода і асабісты культ. Яго выказванні пра свае «прароцтвы», «дар Божы» і «адмысловую місію» выглядаюць як сакралізацыя ўлады — спроба паказаць сябе не проста кіраўніком, а «духоўным пастырам нацыі».

Адносіны з канфесіямі
Хаця Лукашэнка фармальна дэманструе талерантнасць да ўсіх канфесій, яго стаўленне заўсёды было інструментальным. Да Праваслаўнай Царквы ён бліжэй, бо яна падтрымлівае рэжым. У выпадку Каталіцкага Касцёла стаўленне доўгі час было нейтральным. Аднак, калі Касцёл заняў прынцыповую пазіцыю падчас пратэстаў 2020 года, Лукашэнка распачаў рэпрэсіі. Напрыклад, не пускаў у краіну каталіцкага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
By continuing to use our service, you agree to the use of cookies.
To find out more about how we use cookies, please review our Privacy Policy